МНОГОДЕТНАЯ СЕМЬЯ ЛЕЩИНСКИХ ПОСТРОИЛА ДОМ, ВОСПОЛЬЗОВАВШИСЬ ГОСПОДДЕРЖКОЙ

Вялікая сям’я — гэта любоў, павага, разуменне, клопат. Тут камфортна і ўтульна жывецца, адпачывае душа. Тут можна быць самім сабою, не хаваць сакрэтаў, заўсёды разумець блізкіх. І быць проста шчаслівым. Пяць радасцей Ева была жаданай у шматдзетнай сям’і Ляшчынскіх. Дачка аказалася пятай радасцю для бацькоў, якой зараз споўнілася адзін год і чатыры месяцы. У сям’і падрастаюць яшчэ чацвёра сыноў: трохгадовы Іван, дзевяцігадовы Арцём, дванаццацігадовы Яраслаў і чатырнаццацігадовы Аляксандр. — Сыны вучацца ў школе і займаюцца спортам. Дапамагаюць на прысядзібным участку. Сястрычку больш глядзіць Яраслаў. Яны растуць добрымі памочнікамі ў сям’і, — не нарадуецца матуля. Адкуль карані Вольга родам з аграгарадка Гавяды Шклоўскага раёна. Мама працавала загадчыцай малочнатаварнага комплексу ў мясцовай гаспадарцы, бацька — паляводам. У сям’і выхоўвалася двое дзяцей: яна і сястра Марына. Так распарадзіўся лёс, што сястра жыве і працуе на Карэліччыне, і ў яе таксама шматдзетная сям’я, яны з мужам выхоўваюць чацвёра дзяцей. Зараз жанчына з асалодай ўспамінае сваё дзяцінства. Тады яна любіла на канікулах бываць у бабулі ў вёсцы, а там бегала з сяброўкамі на рэчку. Навакольныя краявіды моцна  заварожвалі, і ў памяці засталіся самыя цёплыя ўспаміны, а любоў да роднага куточка сагравае сэрца. Менавіта таму свой выбар яна спыніла на сельскагаспадарчай галіне. Закончыла Навагрудскі аграрны каледж па спецыяльнасці «эканаміст», але працаваць не давялося. «Ёсць такая прафесія — быць маці, яна таксама патрэбная», — удакладняе субяседніца. Малая радзіма мужа Юрыя — Карэліччына. Вырас у невялікай сям’і: ён і сястра Насця. Зараз мужчына працуе ў тэлекампаніі «Анкор-ТВ». «Майстар на ўсе рукі, спагадлівы і добры па характары», — так гавораць пра яго тыя, хто добра ведае земляка. «Свая крэпасць» У 2018 годзе сям’я Ляшчынскіх купіла дом у вёсцы Стрэльнікі Красненскага сельсавета. Хацелася, як гаворыцца, мець  «сваю крэпасць». У снежні 2019 года атрымалі дазвол на набыццё сямейнага капітала. Дабудоўваць дом і праводзіць у ім будаўнічыя работы пачалі з красавіка 2020 года. Выкарысталі і субсідыю. Такім чынам фінансавая падтрымка ад дзяржавы для шматдзетнай сям’і стала вельмі трывалым падмуркам.  — Агульная плошча дома складае 213 квадратных метраў, — апавядае маладая гаспадыня. — У ім пяць пакояў: чатыры дзіцячыя і спальня. Каля дома маецца зямельны  ўчастак. Рамонт стараемся рабіць сваімі сіламі. У асноўным будаўнічымі работамі займаецца муж, дапамагаюць і сваякі. Вольга паведала, што ёсць яшчэ домік у вёсцы Загор’е Красненскага сельсавета, які застаўся ў спадчыну. Там яны праводзяць з дзецьмі вольны час, вырошчваюць агародніну. «Вёску любім. Хочацца для дзяцей цішыні і хараства прыроды», — прывяла маці свой важкі аргумент наконт выбару месца для жыцця і адпачынку. Апора і падтрымка — Мы адзін аднаго падтрымліваем, — патлумачыла жанчына наконт сямейных узаемаадносін у сям’і. — Мае бацькі памерлі, у мужа толькі мама. Спадзявацца прыходзіцца  на саміх сябе. — А хто ў сям’і ўсё ж такі галоўны? — цікаўлюся ў субяседніцы. — Я адказваю за арганізацыйныя пытанні, а муж стараецца зарабіць грошы для сям’і, — гаворыць Вольга і дадае, — мы вырашаем усё разам. Садзімся і абмяркоўваем — і прыходзім да кампрамісу. Сям’я Ляшчынскіх імкнецца арганізаваць адпачынак для дзяцей. Найчасцей гэта бывае ў вёсцы Загор’е, дзе вельмі прыгожыя мясціны. Недалёка ад дома праведзена рэканструкцыя мясцовай крынічкі. Зараз яны часова здымаюць кватэру ў райцэнтры. Праўда, дзеці вучацца ў Красненскай сярэдняй школе — гэта, як гаворыцца, з поглядам у будучае. «Муж завозіць дзяцей у школу, а калі працуем на ўчастку, то тэлефануем у навучальную ўстанову. На школьным аўтобусе іх прывозяць у вёску Стрэльнікі,» — удакладняе матуля. Аб тых, хто побач Сям’я Ляшчынскіх не застаецца сам на сам са сваімі радасцямі і клопатамі. Ёсць тыя, хто падзяляюць іх, радуюцца поспехам і аказваюць дапамогу. Супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна   запрашаюць на мерапрыемствы і дораць падарункі. У Красненскай сярэдняй школе да Калядных свят дзецям уручылі харчовыя наборы. Мужава матуля імкнецца падтрымаць у складанай сітуацыі, а сястра Вольгі стала  вельмі блізкім чалавекам, з ёй можна падзяліцца сакрэтамі і папрасіць парады. — Самае галоўнае ў сям’і — любоў і ўзаемаразуменне. Трэба слухаць і чуць адзін адаго. Быць клапатлівай маці і жонкай, надзейным і верным мужам, і проста любіць, — лічаць Вольга і Юрый Ляшчынскія.  Хочацца верыць, што іх задумкі абавязкова збудуцца, і шчасце надоўга паселіцца ў доме.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *